Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» запрашае хлопцаў і дзяўчат з Берасця і Берасцейскай вобласці на валанцёрскі летнік “Zalesse summer camp”, які пройдзе ў вёсцы Залессе Камянецкага раёна з 5 па 11 жніўня.

Валанцёрскі летнік – гэта выдатная магчымасць правесці весела і з карысцю 7 летніх дзён. Калі ты хочаш пакінуць прыемныя ўспаміны пра гэта лета, палепшыць сваё веданне беларускай мовы, адпачыць ад горада, знайсці новых сяброў, натхніцца, прыдумаць ідэі для нечага новага, пракачаць скілы ў праектным мэнэджменце і проста цікава правесці час — далучайся!

Як усё будзе адбывацца?

На працягу тыдня удзельнікі і удзельніцы будуць добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол Дома Еўрапейскіх сустрэч у вёсцы Залессе, дапамагаць у падрыхтоўцы інсталяцый да фестывалю Ulmus. Таксама у праграме выступленні крутых экспертаў/ак, культурных дзеячаў і музыкаў, імёны якіх будуць выдомыя пазней на старонцы летніка. Музычным хэдлайнерам летніка стане гурт РСП, які выступіць з акустычным канцэртам. Вас чакаюць майстар-класы, гульні, і, канешне, песні ля вогнішча. А трэнінг па праектным мэнэджменце дапаможа ўдзельнікам і ўдзельніцам прыдумляць, пісьменна планаваць і эфектыўна рэалізоўваць крутыя ідэі ў сферы грамадскай дзейнасці.

Колькі гэта каштуе?

Удзел у летніку бясплатны. Трансфер з Берасця да Залесся, пражыванне і харчаванне забяспечваюць арганізатары.

Хто можа ўдзельнічаць?

Каб патрапіць на летнік, трэба быць авантурным, прыемным, разумным, крэатыўным і вясёлым чалавекам, які жыве ў Берасці або ў Берасцейскай вобласці. Узроставыя абмежаванні ад 17 да 25 гадоў. Адбор будзе адбывацца праз анкету-заяўку, якую трэба запоўніць да 28 ліпеня. Усяго ў летнік будзе запрошана 25 хлопцаў і дзяўчат.  Вынікі адбору стануць вядомыя 1 жніўня.

Больш падрабязная інфармацыя тут. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у каардынатарак летніка Наталлі і Дар’і.