Максім Карлюк

Вывучаў міжнароднае і еўрапейскае права на факультэце міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, мае ступень магістра еўрапейскага права Каледжа Еўропы (Бругге, Бельгія).

Сферы інтарэсаў: логіка-структурны падыход, распрацоўка і афармленне праектных ідэй і дакументацыі, праграмы падтрымкі Еўрапейскага Саюза, еўрапейскае права, ацэнка рэгулятыўнага ўплыву, еўрапейская палітыка да Беларусі. Шырокі досвед працы і стажыровак у міжнародных арганізацыях і замежных адукацыйных установах; праектная і трэнерская дзейнасць; досвед працы на кіроўнай пазіцыі ў недзяржаўнай арганізацыі.

Шаноўныя калегі,

Прапануем Вам другі артыкул з серыі “Дом узаемаразумення ў тварах”.

У красавіку Еўрапейская камісія абвясціла рэгіянальны конкурс праектаў у рамках Інструмента падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Інструкцыі Еўракамісіі даволі складаныя, і для таго, каб дасканала разабрацца ў іх, неабходна не проста добра валодаць ангельскай мовай, але і выдаткаваць шмат часу на аналіз усіх абазначаных у дакуменце тэрмінаў. Мы часта атрымліваем запыты ад арганізацый з просьбамі патлумачыць, што “хаваецца” за тым ці іншым паняццем. Таму папрасілі аднаго з кансультантаў Ініцыятывы дапамагчы ў гэтым разабрацца. Сёння Максім Карлюк разважае пра тыпы асноўных удзельнікаў праектаў і нават прапаноўвае табліцу ранжыравання статусаў удзельнікаў праекту ў смайлах. Чытайце, карыстайцеся і дасылайце новыя пытанні!

Максім Карлюк

Кансультант ініцыятывы “Дом узаемаразумення”

У арганізацый, якія рыхтуюць заяўкі на грантавыя конкурсы ЕС, часта ўзнікаюць пытанні наконт патрабаванняў для ўдзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі праекта. Сапраўды, правілы ЕС на гэты конт даволі складаныя для разумення. Прадстаўнікі ЕС таксама расплывіста адказваюць на пытанні на гэтую тэму. Дадзены артыкул мае на мэце ў сціслай форме апісаць тыпы ўдзельнікаў і адказаць на некаторыя частыя пытанні, што паступаюць ад арганізацый.

Звычайна, у грантавых конкурсах ЕС вылучаюць заяўнікаў (Applicants), сузаяўнікаў (Co-applicants), афіліяваныя арганізацыі (Affiliated entities) і асацыяваныя арганізацыі (Associates). У дадатак можна вылучыць кантрактараў (Contractors) у якасці асобнай катэгорыі. Разгледзім кожную катэгорыю па чарзе.

Заяўнік
Заяўнік – гэта арганізацыя, якая непасрэдна падае праектную заяўку. На першых старонках праектнай заяўкі даюцца кантактныя дадзеныя менавіта заяўніка (і толькі яго), бо ён будзе асноўным кантактам для ЕС. Ён жа падпісвае дэкларацыю, якая прадугледжана на стадыі канцэпцыі праекта, а пасля, у выпадку паспяховага адбору заяўкі, грантавы кантракт. Таксама, заяўнік прадстаўляе і дзейнічае ад імя сузаяўніка, каардынуе распрацоўку і рэалізацыю праекту. Усе грошы ад ЕС па праекце пералічваюцца выключна на рахунак заяўніка. Далей ён іх ужо размяркоўвае сярод сузаяўнікоў у залежнасці ад ступені іх удзелу ў рэалізацыі праекта. Заяўнік прама адказны за падрыхтоўку і мэнэджмент праекта (разам з сузаяўнікамі і афіліяванымі асобамі, калі такія ёсць).

Стандартным патрабаваннем для заяўніка з’яўляецца наступнае: быць некамерцыйнай афіцыйна зарэгістраванай юрыдычнай асобай. У залежнасці ад конкурсу, гэта можа быць арганізацыя грамадзянскай супольнасці або орган мясцовай улады. Такім чынам, пад гэтыя крытэры могуць падпадаць фактычна ўсе зарэгістраваныя НДА, незалежныя фонды, арганізацыі мясцовага самакіравання, а таксама сеткі такіх арганізацый, якія іх аб’ядноўваюць на любых узроўнях (рэгіянальны, нацыянальны, міжнародны). Варта зазначыць, што некамерцыйныя арганізацыі могуць займацца пэўнай камерцыйнай дзейнасцю. Гэта будзе прымальна, у выпадку калі адпаведны прыбытак вяртаецца ў арганізацыю (што адлюстроўваецца ў справаздачнай дакументацыі, банкаўскіх выпісках) для фінансавання яе дзейнасці. Больш за тое, як і ў любым правіле, могуць быць выняткі, і часам дазваляецца заяўнікам быць іншым арганізацыям, нават некаторым камерцыйным. Але гэта ўжо спецыфіка канкрэтнага конкурсу.

Для таго каб быць заяўнікам, арганізацыя абавязкова павінна быць заснаваная або ў дзяржавах-чальцах ЕС або Беларусі (ці ў іншай краіне ў залежнасці ад геаграфічнага фокусу конкурсу, напрыклад у краіне “Усходняга партнёрства”). Арганізацыя таксама не павінна парушаць заканадаўства па шэрагу параметраў.
Такім чынам, заяўніка можна назваць асноўнай арганізацыяй ў праекце.

Сузаяўнік(і)
У разуменні ЕС, менавіта сузаяўнікі і ніхто іншы з’яўляюцца арганізацыямі-партнёрамі. Раней яны так і называліся – “партнёры”. Але ЕС перайменаваў іх у “сузаяўнікаў”. З імі заяўнік распрацоўвае і рэалізоўвае праект. Неабходная колькасць (і якасць) партнёраў можа ўсталёўвацца асобна ў конкурсах, але не заўжды.

На сузаяўніка распаўсюджваюцца тыя ж патрабаванні, апісаныя вышэй пра заяўніка (некамерцыйная афіцыйна зарэгістраваная юрыдычнай асоба і далей па тэксце). Сузаяўнікі ўдзельнічаюць у распрацоўцы і каардынацыі праекта. Іх выдаткі пакрываюцца такім жа чынам, як і выдаткі заяўніка. То бок сузаяўнік з’яўляецца такім жа бенефіцыярам праекта, як і заяўнік, хоць і не падпісвае кантракт з ЕС. Сузаяўнік толькі падпісвае мандат сузаяўніка на стадыі поўнай грантавай заяўкі. Тут варта зазначыць, што сузаяўнікі пазначаюцца ў заяўцы ўжо на стадыі канцэпцыі праекта. На стадыі поўнай заяўкі немажліва замяніць сузаяўніка. Гэта вынікае з базавага правіла, што элементы пазначаныя ў канцэпцыі, не могуць быць змененыя ў поўнай заяўцы. Таму, пры немажлівасці падаць падпісаны мандат (хаця бы копіі, што дапускаецца), у заяўцы можа быць адмоўлена.

Важна памятаць, што адным з крытэраў ацэнкі з’яўляецца дастатковасць уцягненнасці сузаяўнікоў (і афіліяваных арганізацыяў, пра якія падрабязней у наступным пункце) ва ўдзел у праекце. Любая інфармацыя на гэты конт вітаецца, у тым ліку заключаныя пагадненні з такімі арганізацыямі, прыклады папярэдняга супрацоўніцтва і інш.

Такім чынам, сузаяўнік мае ўсе характарыстыкі заяўніка, за выняткам мажлівасці падпісаць кантракт з ЕС і звязаных з гэтым фармальных пытанняў.

Афіліяваная(ыя) арганізацыя(і)
Афіліяваныя арганізацыі – гэта тыя, якія маюць структурную сувязь з заяўнікам ці сузаяўнікам. Можна вылучыць два тыпы такой сувязі:
1) Па прызнаку кантролю, то бок арганізацыя, якая кантралюецца заяўніком/сузаяўніком (даччыная, філіял і г.д.), якая кантралюе заяўніка/сузаяўніка (матчыная) і якая знаходзіцца пад тым жа кантролем, што і заяўнік/сузаяўнік, а таксама розныя варыяцыі пералічанага;
2) Па прызнаку чалецтва, то бок калі заяўнік/сузаяўнік з’яўляецца асацыяцыяй, федэрацыяй і да т.п. ці ўваходзіць у падобную структуру, куды ўваходзіць і афіліяваная арганізацыя.
У залежнасці ад конкурсу, могуць прызнавацца арганізацыі ці аб’яднанні арзанізацыяў адмыслова створаныя для мэтаў рэалізацыі праекта.

Звычайна, не могуць быць афіліяванымі арганізацыі, якія заключаюць кантракт з заяўніком/сузаяўніком, атрымліваюць ад іх фінансавую дапамогу, рэгулярна супрацоўнічаюць на аснове мемарандума аб узаемаразуменні або падзяляюць пэўныя актывы, падпісваюць пагадненне пра кансорцыюм у рамках грантавага кантракту.

Арганізацыі, якія адпавядаюць крытэрам афіліяванасці не могуць падацца як заяўнікі або сузаяўнікі акрамя выпадкаў, калі гэта непасрэдна прадугледжана конкурсам.

Афіліяваныя асобы не падпісваюць грантавы кантракт, але адмысловую заяву ўдзелу на стадыі поўнай заяўкі. Як і ў выпадку з сузаяўнікамі, афіліяваныя арганізацыі пазначаюцца ўжо на стадыі канцэпцыі праекта і не могуць быць змененыя на стадыі поўнай заяўкі. Таму, пры непадачы на гэтай стадыі падпісанай заявы ўдзелу, у заяўцы можа быць адмоўлена. Афіліяваныя арганізацыі павінны адпавядаць патрабаванням, якія распаўсюджваюцца на заяўніка (і, як мы вызначылі раней, на сузаяўніка). Яны бяруць удзел у распрацоўцы і рэалізацыі праекта. Іх выдаткі могуць быць прынятыя ў якасці прымальных выдаткаў, калі яны адпавядаюць усім правілам, якія распаўсюджваюцца на заяўніка па кантракце.
Як бачна з апісання, афіліяваныя арганізацыі – гэта вельмі спецыфічныя арганізацыі, і іх крытэры больш вузкія за заяўнікаў і сузаяўнікаў. Таксама, яны не могуць распараджацца грантавымі сродкамі, напрыклад, не могуць ажыццяўляць субгрантынг – даваць міні-гранты іншым арганізацыям у рамках праекта.

Асацыяваная(ыя) арганізацыя(і)
Гэта любыя арганізацыі, якія граюць істотную ролю ў праекце. Плюсам статусу асацыяванай арганізацыі з’яўляецца тое, што гэта можа быць больш шырокае кола арганізацыяў параўнальна з іншымі статусамі (напр., камерцыйныя арганізацыі могуць браць удзел без выняткаў, міжнародныя арганізацыі), бо не павінны адпавядаць адмысловым крытэрам і не павінны ў рамках заяўкі ставіць свае подпісы ні пад якімі дакументамі. Дадатковым плюсам з’яўляецца тое, што асацыяваныя арганізацыі не абавязкова пазначаць на стадыі канцэпцыі праекта, а толькі на стадыі поўнай заяўкі, што дае дадатковы час на іх прыцягненне. Мінусам з’яўляецца немажлівасць атрымання фінансавання з гранту за выключэннем суткавых ды выдаткаў на праезд.

Такім чынам, асацыяванасць – больш гнуткі статус дзеля адсутнасці выразных патрабаванняў да яго. Напрыклад, ён дае мажлівасць узяць удзел у праекце арганізацыям, якія хочуць актыўна ў ім ўдзельнічаць, але не праходзяць па крытэрах іншых статусаў.

Кантрактары
ЕС прадугледжвае мажлівасць удзелу арганізацыяў, якія ажыццяўляюць пэўныя паслугі па кантракце з заяўнікамі/сузаяўнікамі/афіліяванымі арганізацыямі (асацыяваныя арганізацыі не могуць уступаць у такія кантракты). Аднак удзел кантрактараў у праекце павінен быць разумным і абмежаваным: толькі для ажыццяўлення спецыялізаваных паслуг, якія не могуць быць забяспечаныя заяўнікамі/сузаяўнікамі і неабходныя для рэалізацыі праекта. Яны павінны адпавядаць асобным правілам закупак, усталяваных у ЕС.

На гэтым агульны агляд розных тыпаў удзельнікаў можна скончыць. Варта толькі пазначыць, што для ЕС важна станоўчы фінансавы стан арганізацыі, яе ўстойлівасць на час правядзення праекта (што будзе вынікаць з пададзеных дакументаў). Інакш ЕС не будзе ўпэўнены ў паспяховай рэалізацыі праекта, і ў гранце можа быць адмоўлена.

Нарэшце, у табліцы ніжэй падсумаваныя агульныя характарыстыкі, апісаныя вышэй.

Падпісвае грантавы кантракт і каардынуе праект З’яўляецца бенефіцыярам гранта (распараджаецца сродкамі) Павінна адпавядаць патрабаванням да заяўніка Пакрываюцца прымальныя выдаткі Пакрываюцца суткавыя і выдаткі на праезд Можа заключацца кантракт на ажыццяўленне паслуг
Заяўнік
Сузаяўнік
Афіліяваная арганізацыя
Асацыяваная арганізацыя
Кантрактар