«Бацька і бабуля адначасова захварэлі на каранавірус». Як перажыць хваробу блізкіх і пры гэтам застацца самой сабой — ОЕЭК | Офис европейской экспетизы и коммуникации
А так можно было

«Бацька і бабуля адначасова захварэлі на каранавірус». Як перажыць хваробу блізкіх і пры гэтам застацца самой сабой

У красавіку мы пачалі рубрыку «А так можно было» — пра асабістыя гісторыі каманды Офіса на самаізаляцыі. Сёння мы распавядзем асабістыя перажыванні нашых парнер_ак.

«Працаваць дома з каханым мужам і катом – гэта зручна і лёгка» 

На самаізаляцыю я сышла адразу, у сакавіку. Дзякуючы маёй працы, гэта магчыма, бо для працы ў асноўным мне патрэбны лаптоп і інтэрнэт. Аказалася, што працаваць дома з каханым мужам і катом – гэта зручна і лёгка.

Да пандэміі я заўсёды была ў віры падзей і спраў, якія ў адну хвіліну сталі не важнымі і не тэрміновымі. Самаізаляцыя дала мне магчымасць замарудзіцца і нарэшце трапіць у стан спакою і асэнсаванасці. 

Наталька Мотуз, сяброўка Рады Беларускай арганізацыі працоўных жанчын (БАПЖ), супрацоўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА

Першы месяц самаізаляцыі паказаў мне, якая я насамрэч рэсурсная жанчына – я ў сваім доме, у бяспецы, побач блізкія людзі, ёсць ежа, мяне не звальняюць з працы, не скарачаюць заробак. Я адчула, што магу праседзець у сваім «бомбасховішчы» на Ангарскай вельмі доўгі час і мне не надакучыць.

Мая ахвяра самаізаляцыі – гэта адкладзецыя на 3 месяцы курсы Digital design. Але, на шчасце, запланаванае навучанне кампенсавалася знаёмствам з праграмамі для дыстанцыйнай працы – Zoom, Jamboard, Miro, Trello і іншымі.

«Бабуля ляжала на кіслародзе і без мабільнага тэлефону» 

Мой рэсурсны стан парушала толькі хваляванне за сваіх блізкіх. Бацькі, браты працягвалі хадзіць на працу і кантактаваць з вялікай колькасцю людзей. Хваляванне дайшло да піку, калі мой бацька і бабуля адначасова захварэлі  на каранавірус. Гэта быў вельмі цяжкі месяц, поўны стрэсу і начных кашмараў. Памятаю, прачыналася штораніцу і не магла працаваць, есці, пакуль не датэлефаноўвалася ў шпіталь і не даведалася, што ўсё добра, яны працягваюць прымаць таблеткі і кропельніцы.

Калі пачуць голас бацькі і супакоіцца было магчыма, то з бабуляй было іначай – навіны мы атрымлівалі не адразу. Бабуля ляжала не ў сталічным, а ў раённым шпіталі на кіслародзе і без мабільнага тэлефону. Гэты перыяд можна апісаць, як стан перманентнага страху і хвалявання.

У гэты эмацыйна-складаны час мне дапамаглі сябры і фэйсбук-супольнасць. Я разумела, што калі я не раскажу, пра тое, што ў мяне захварэў бацька публічна, то я не змагу ўсвядоміць рэальнасці яго хваробы. У выніку я атрымала вялізную падтрымку, сотні камэнтароў, хваляванняў і пажаданняў здароўя родным. Людзі падбадзёрвалі, расказвалі гісторыі сваёй радні, якая ўжо перахварэла або ідзе на папраўку. Я бясконца ўдзячная за ўсе словы падтрымкі, гэта не дало мне расклеіцца. 

Дзякуючы гэтай сітуацыі я зразумела, што важна прасіць дапамогі і падтрымкі, калі адчуваеш у ёй неабходнасць. Гэта не робіць цябе слабой, уразлівай, а наадварот узмацняе.

«Сваю самаізаляцыю я вырашыла прысвяціць самаразвіццю» 

Я максімальна сканцэнтравалася на сабе, на сваіх жаданнях, думках і эмоцыях, мэтах і планах. У гэты час паўдзельнічала ў вялікай колькасці анлайн-трэнінгаў і семінараў, якія тычыліся лідарства, кіравання сваёй энэргіяй. Важнай часткай маёй працы над сабой сталі сэсіі з коўчам. Мне вельмі пашчасціла атрымаць гэты ўнікальны досвед і папрацаваць над сабой у такім фармаце. 

Думаю, што тым, хто працуе ў грамадскім сэктары варта перыядычна рабіць такія «месячнікі» для сябе, каб паміж тым, каб дапамагаць іншым і паляпшаць свет навокал, не забыцца пра самага і самую важную – сябе. Прынамсі я планую працягваць ладзіць сабе такія пагружэнні і пасля пандэміі. 

Самаізаляцыя стала для мяне часам, калі я стала дазваляць сабе ўсё без сумневаў і нараканняў, пагадзяцца на любыя экспэрымэнты, спрабаваць сябе ў новых ролях. У мяне атрымалася адкінуць убок сціпласць і стаць адкрытай новым прапановам. Так, я выступіла з лекцыяй «Жанчыны і Covid: 5 гісторый беларусак» на Марафоне лекцый, які ладзіла Асамблея НДА, была вядоўцай вэбінара па антывыгаранні, сама прапанавала сябе ў якасці спікеркі ў анлайн-гасцёўню пра выбары, якую арганізавала Валянтэрская служба Вясны.

Думаю, калі б не гэтыя пандэмічныя часы, то я б не паставіла над сабой столькі экспэрымэнтаў, не паспрабавала б сябе ў новых ролях.

«Жанчыны і COVID-19 у Беларусі – гэта масавы характар?»  

У Беларускай арганізацыі працоўных жанчын, дзе я з’яўляюся сяброўкай Рады, мы з каляжанкамі здолелі зрабілі тое, што доўга адкладалі – напрыклад, рассылку сваёй арганізацыі. 

Падаецца, мы першымі ўзнялі тэму пра ўразлівасць беларусак у час пандэміі. На гэтым тыдні будуць апублікаваныя вынікі даследвання «Жанчыны і COVID-19 у Беларусі: запатрабаванні і праблемы», якое мы праводзілі. Спадзяюся, вынікі апытання пакажуць, як сітуацыя COVID-19 паўплывала на жанчын і ці былі дастатковымі меры, якія прыняла дзяржава, ці ўлічылі ўлады патрэбы жанчын. 

Мне падаецца, вынікі апытання могуць шмат расказаць беларускам пра стан жанчын у краіне, пра тое што праблемы, з якімі яны сутыкаюцца, носяць масавы характар. Магчыма, хтосьці адчуе патрэбу быць больш актыўнай у абароне сваіх правоў, а хтосьці захоча далучыцца да Беларускай арганізацыі працоўных жанчын.

Мне было цікава назіраць за арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў часе пандэміі. Як спачатку, некаторыя з іх, узялі курс на «пачакаем, хутка ўсё скончыцца», а іншыя адразу кінуліся пераабувацца. Я назірала за нейкай гульнёй навыперадкі, за заваёўваннем інтэрнэт-прасторы. Адно імгненне – і ўжо няма як запланаваць свой прамы эфір, бо ў гэты час эфіры, зумы, лекцыі праводзяць некалькі арганізацый, а часам і на вельмі падобныя тэмы.

Была са мной гісторыя, калі я прыдумала ідэю, і вырашыла пачакаць з ёй да планёркі, як праз дзень іншая арганізацыя агучыла гэту ідэю публічна. Таму гэты час падаўся мне нейкім спаборніцтвам, калі НДА з абмежаванымі магчымасцямі, з рознымі рэсурсамі прыдумляюць, крэатывяць, а ў выніку ўсё адно аказваюцца ў ЗУМе.

Перыяд пандэміі даў мне падставы яшчэ больш ганарыцца сваімі калегамі і каляжанкамі з Асамблеі НДА. Мяне вельмі нахтніў той узровень мерапрыемстваў, які ў нас атрымалася зрабіць – Марафон лекцый, анлайн-канцэрты-інтэрв’ю з музыкамі, канферэнцыя «НГО внутряшка» – эта было вельмі прафесійна і ярка. 

Асабліва мне грэе душу тое, што мы запусцілі некалькі груп псіхалагічнай падтрымкі і індывідуальныя кансультацыі для грамадскіх актывістак і актывістаў. У групах можна было абмеркаваць праблемы, выкліканыя новымі абставінамі, цяжкасцямі працы на самаізаляцыі і немагчымасць прыносіць дадатковую карысць грамадству. Спадзяюся, мы здолелі такім чынам камусьці спрасціць пераход у анлайн і падтрымаць у складаны час. 

«Але трэба часцей казаць «не», упісваць час на адпачынак»  

Час самаізаляцыі – час ад якога мне хацелася ўзяць максімум, сказаць «так» у кожнай сітуацыі. Але праз 3 месяцы такой актыўнасці я зразумела, што гэта толькі падаецца, што часу хопіць на усё, бо ўсё адно ты сядзіш дома. Тут важна прымушаць сябе часцей казаць «не», адкладаць справы да панядзелка, упісваць у свой дзень час на адпачынак. 

Праз месяц інтэнсіўнай працы я зразумела, што трэба збаўляць абароты і больш клапаціцца пра сябе. Так, у часе майго даследвання сябе і выгарання, паўстала ідэя зрабіць чат-бота ў Talegram, які б падказваў антывыгаральныя практыкі – дасылаў раз на дзень паведамленне. 

Dr Antiburnout Bot – створаны для грамадзкіх актываістаў і актывістак, якія схільныя да выгарання. Людзей, якія не выпрацавалі звычку клапаціцца пра сябе. Праграма яшчэ знаходзіцца ў распрацоўцы, але запрашаю падключыцца да яе, магчыма, камусьці гэта будзе падтрымкай у складаны час. Ну і горача рэкамэндую чэк-ліст ад Асамблеі тым, каго вабіць папера і адзначэнне выкананых пунктаў.

Удзячна гэтаму часу, што са мой адбылося: за новыя выклікі, за прачытаныя лекцыі, звярстаныя лэндынгі, напісаныя чат-боты. Такія перыяды звышпрадуктыўнасці павінны здарацца і быць незабывальнымі. Але спадзяюся, што перад магчымай другой хваляй каранавірусу ўвосень, я і мае калегі і каляжанкі з грамадзянскай супольнасці Беларусі зможам аднавіць свае сілы ўлетку, наведаць старажытны замак Беларусі, наесціся чарніц і схадзіць у паход з сябрамі.

Рекомендуем почитать:
А так можно было

«Выход без маски – штраф € 100». Каково это – быть на карантине в Испании

А так можно было

«Сначала спаривались буслы, потом отцвела черемуха». Каково это - уехать за город на самоизоляцию

Люди, которые вдохновляют

«Первые недели были сложными – завтракал в 2 ночи» Волонтер Bycovid19 про жизнь без семьи и работу по 18 часов в сутки