Канферэнцыя пра працэсы грамадскіх арганізацый — ОЕЭК | Офис европейской экспетизы и коммуникации

Канферэнцыя пра працэсы грамадскіх арганізацый

Асамблея НДА Беларусі, Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый, Арт Сядзіба і Праваабарончы цэнтр «Вясна» запрашаюць на анлайн-канферэнцыю пра грамадскі сектар «НГО внутряшка».

Заўтра, 25 чэрвеня з 16.00 да 21.00 на прасторах YouTube вы зможаце далучыцца да вэбінараў і дыскусій пра ўнутраны стан беларускіх актывістаў і актывістак і паглядзець грамадскі сектар знутры, які ён ёсць, на болі і сумневы, перамогі і поспехі, думкі і ваганні людзей, якія там працуюць.

Канферэнцыя створана для працаўнікоў і працаўніц грамадскіх арганізацый, ініцыятыў, лідараў і лідэрак, валанцёраў і валанцёрак.

Гэтай падзеяй мы хочам паказаць магчымыя спосабы развіцця кар’еры ў НДА, процідзейнічаць выгаранню актыву грамадскіх арганізацый, паказаць магчымыя спосабы аднаўлення рэсурснага стану, як самастойна, так і ў арганізацыі.

Праграма анлайн-канферэнцыі:

  • 16:00 – 17:00 Дыскусія «Кар’ера ў НДА: ці гэта магчыма?»

З гісторый Алеся Бяляцкага, Валерыі Ваўкагонавай, Станіславы Гусаковай і Уладзіміра Каржа – вы даведаецеся як развівацца і расці ў адной арганізацыі, а калі дзеля росту варта памяняць НДА. Як прапрацаваць у адной арганізацыі 20 гадоў і не засумаваць, а таксама як выйсці на міжнародны ўзровень і пацвердзіць сваю экспертнасць у іншых краінах.

  • 17:00 – 18:00 Дыскусія «Сышлі з сектара. Здрада ці развіццё»

Прыходзь на анлайн-дыскусію, на якой спікеры і спікеркі – Уладзь Сташкевіч, Віка Біран, Аня Клімовіч, Ірына Іванова – раскажуць, як яны выбіралі паміж НДА, бізнесам і IT, паміж развіццём і аднатыпнымі праектамі. Ты пачуеш гісторыі пра тое, як сысці з сектара, але застацца верным сваёй НДА, як сумяшчаць актывізм і новую працу.

  • 18:00 – 19:00 Воркшоп «Мае калегі выгарэлі – што рабіць» + презентацыя чат-бота па антывыгаранню

Эмацыйнае і прафесійнае выгаранне – нярэдкая з’ява ў трэцім сектары. На жаль, не ўсе актывісты і актывісткі могуць яго распазнаць і своечасова прадухіліць. Таму лідарам і лідаркам грамадскіх арганізацый важна ўмець убачыць прыкметы выгарання ў іншых.

З дапамогай псіхалагіні і арганізацыйнай кансультанткі з Эстоніі Ёланты Ціхановіча пастараемся разабрацца, як выявіць выгаранне ў калегі ці каляжанкі, як яго прадухіліць і не заразіцца выгараннем самому/самой.

  • 19:00 – 20:00 Дыскусія «Жаночае лідарства: міф ці рэальнасць»

Палова планеты – жанчыны, але большасць кіруючых пасад у свеце займаюць мужчыны. Чаму так і ці няма тут сусветнай змовы? Давайце разбірацца разам!

Як быць лідаркай у краіне, дзе «канстытуцыя не пад жанчыну»? Ці праўда, што жанчыны добрыя выканаўцы, але кепскія кіраўніцы? Запрашаем на дыскусію з беларускімі лідаркамі з розных сфераў і гарадоў.

  • 20:00 – 21:00 Вэбінар «Тымбілдынг – забава або эфектыўная налада працэсу працы каманды»

Запрашаем пагаварыць пра эфектыўны і прадуманы тымбілдынг. Тымбілдынг – яго хтосьці павінен прадумаць і спланаваць або досыць проста замовіць сауну?

На вэбінары прадстаўніцы 3 арганізацый – Жывая бібліятэка, RADA, кааператыў «Лістоўка», – падзеляцца сваімі інструментамі пабудовы каманды, раскажуць ці магчымы тымбілдынг у анлайне ці ў той час, калі каманда працуе дыстанцыйна.

Каб не прапусьціць цікавыя дыскусіі, рэгіструйцеся і атрымлівайце нагаданне пра падзеі канферэнцыі.

25.06.2020
16:00 - 21:00