Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend і Асамблея НДА запрашаюць на сэмінар “Рэгістрацыя і фінансаваньне некамэрцыйных арганізацыяў: прававое рэгуляваньне”, які адбудзецца ў Берасьці 18 траўня.

Сэмінар складаецца з двух блокаў, на першы з якіх запрашаюцца ініцыятывы па стварэньні новых арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, на другі – як незарэгістраваныя ініцыятывы, так і зарэгістраваныя арганізацыі. Удзельнікі і ўдзельніцы могуць прыняць удзел у адным ці ў абодвух блоках.

У першым тэматычным блоку сэмінара будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Будзе прадстаўленая інфармацыя пра цяперашні парадак ды практыку рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў.

У другім блоку сэмінара будуць разгледжаныя пытаньні прававога рэгуляваньня фінансавых паступленьняў для розных формаў некамэрцыйных арганізацыяў, у тым ліку: віды фінансавых паступленьняў паводле заканадаўства; прадпрымальніцкая дзейнасьць НКА; афармленьне ахвяраваньняў ад грамадзянаў; бязвыплатная (спонсарская) дапамога ад беларускіх юрыдычных асобаў; атрыманьне замежнага фінансаваньня.

Удзельнікі і ўдзельніцы атрымаюць магчымасьць індывідуальных кансультацыяў па канкрэтных пытаньнях, зьвязаных са стварэньнем новых НКА альбо з прававым забесьпячэньнем фінансаваньня грамадзкай дзейнасьці і НКА, а таксама атрымаюць асобнікі выданняў, што былі выпушчаныя ў межах “Прававой бібліятэкі НКА”.

Як прыняць удзел?

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве па адным прадстаўніку/прадстаўніцы ад адной арганізацыі з Берасьці і Берасьцейскай вобласьці. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на семінары, перавага будзе нададзеная тым заяўкам, якія дэманструюць найбольшую зацікаўленасьць у тэме сэмінару. Заяўнікі з іншых рэгіёнаў могуць быць уключаныя ў склад удзельнікаў/удзельніц пры наяўнасьці выразнай матывацыі і адлюстраванні ў заяўцы патрэбы ў канкрэтнай дапамозе.

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 18 траўня, 12:00. Пра месца правядзеньня і падрабязную праграму працы будзе паведамлена дадаткова. Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць анкету да 15 траўня.

Больш інфармацыі пра мерапрыемства шукайце на сайце арганізатараў.