2 лістапада ў Мінску адбудзецца форум па абмену інклюзіўнымі практыкамі «ALL Inclusive».

Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый, Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка» і гарадскі анлайн-часопіс CityDog.by запрашаюць арганізацыі, ініцыятывы, актывістак і актывістаў прадставіць і даведацца пра інклюзіўныя практыкі, якія спрыяюць уключэнню розных уразлівых груп у жыццё грамадства.

Форум збярэ разам больш за 50 прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадзянскай супольнасці, якія працуюць у сферы інклюзіі ці ўжываюць інклюзіўныя практыкі, для іх прадстаўлення і абмену, усталявання партнёрскіх стасункаў і абмеркавання сумесных ідэяў для пашырэння інклюзіі ў грамадстве.

Удзельнікі і ўдзельніцы, якія прадставяць лепшыя інклюзіўныя практыкі па меркаванню арганізатараў, будуць мець магчымасць альбо прадставіць сваю практыку ў CityDog.by, альбо зняць відэа-інструкцыю па ўжыванню практыкі, альбо правесці адкрыты майстар-клас для тых, хто хацеў бы ўжываць практыку ў сваёй дзейнасці.

Прыняць удзел у форуме можна ў якасці спікера/спікеркі ці ўдзельніка/удзельніцы (прадставіўшы сваю інклюзіўную практыку ці не адпаведна). Абавязковая рэгістрацыя па спасылцы да 10 кастрычніка. Арганізатары пакідаюць за сабой права адбору ўдзельнікаў і ўдзельніц. Усе зарэгістраваныя атрымаюць адказ пра ўдзел у форуме не пазней за 17 кастрычніка.

Арганізатары форуму таксама стварылі суполку Інклюзіўная Беларусь | Инклюзивная Беларусь у Фэйсбук для ўсіх зацікаўленых у развіцці тэмы інклюзіі ў Беларусі. Далучайцеся!

Больш інфармацыі пра ўмовы ўдзелу ў форуме можна даведацца на сайце «Жывой Бібліятэкі». Пошта для пытанняў: human.library.belarus@gmail.com з пазнакай “Форум”.