Агенцтва рэгіянальнага развіцця«Дзедзіч» абвяшчае збор заявак на грамадскую прэмію «Праект года» і «Валанцёр_ка года».

Да 10 лістапада неабходна запоўніць форму ніжэй і пазначыць лепшыя на вашу думку грамадскія праекты і самых актыўных валанцёраў і валанцёрак у Берасці і вобласці. 12 лістапада будзе запушчана адкрытае галасаванне за намінантаў_ак. Абвяшчэнне вынікаў галасавання і ўзнагароджанне пераможцаў прэміі пройдзе 22 лістапада падчас урачыстай імпрэзы, прысвечанай 20-годдзю Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч».

Прэміі «Праект года» і «Валанцёр года» сталі традыцыйнымі для грамадзянскай супольнасці Берасця і пройдуць сёлета ўжо ў чацвёрты раз. У мінулым годзе гран-пры прэміі «Праект года» і каштоўны прыз атрымала ініцыятыва «Дыялекты» за анлайн-мапу аўдыёзапісаў дыялектных гаворак Беларусі і замежжа. А ганаровае званне «Валанцёр_ка года» атрымалі адразу дзве дзяўчыны – Ганна Хаміцкая і Анастасія Чайчыц.

Правілы намінавання на прэмію «Праект года»:

– Узгадаць самыя карысныя і яскравыя праекты, якія былі рэалізаваны ў Берасці і Берасцейскай вобласці ў 2019 годзе.

– Запоўніць усе пункты з раздзелу «Праект года» у гэтай форме.

Правілы намінавання на прэмію «Валанцёр года» (прыняць удзел у гэтым намінаванні могуць толькі члены грамадскіх арганізацый ці ініцыятыў Берасця і вобласці).

– Узгадаць тых актывістаў_ак, якія аддана, добрасумленна і бескаштоўна дапамагалі арганізацыям ці ініцыятывам на працягу 2019 года.

– Запоўніць усе пункты з раздзелу «Валанцёр_ка года» у гэтай форме.

Па дадатковую інфармацыю можна звяртацца да каардынатара прэміі – Дзяніса: +375298010147 ці dendetlet@gmail.com.