Адукацыя.Інфо ў партнэрстве з Фундацыяй імя Конрада Адэнаўэра абвяшчае набор навучэнцаў на другі вочна-завочны (Blended Learning) курс пра Еўропу. Удзельнікі і ўдзельніцы цягам трохмесячнага курса тры разы сустрэнуцца на двухдзённых вочных сесіях у Беларусі ды Літве, у астатні час навучанне будзе праходзіць онлайн і займаць у сярэднім тры гадзіны на тыдзень.

Відэа было знята як творчае хатняе заданне ўдзельніцай першай Школы “Адукуй сябе пра Еўропу” Дзіянай Касякінай

Як гэта будзе?

Модулі курса прысвечаны Еўропе ды Еўрапейскаму саюзу, сучасным беларуска-еўрапейскім адносінам, а таксама паглыбленню прадстаўлення ўдзельнікаў і ўдзельніц пра іх асабістае месца ў гэтай складанай структуры.

Таксама ўдзельнікі/цы атрымаюць цэлы шэраг заданняў, накіраваных на паляпшэнне свайго валодання сучаснымі метадамі апрацоўкі і прадстаўлення інфармацыі ды кваліфікаваны персанальны фідбэк ад анлайн-ментараў. На жывых сустрэчах ўсіх чакаюць цікавыя эксперты і эксперткі, а таксама магчымасць пракачаць свае навыкі прэзентавання.

Удзельнікі і ўдзельніцы

Да ўдзелу запрашаецца беларуская моладзь ва ўзросце ад 18 да 25 год, зацікаўленая еўрапейскай тэматыкай. Асабліва заахвочваецца прыняць удзел у курсе моладзь з рэгіёнаў (арганізатары пакрываюць транспартныя выдаткі, звязаныя з удзелам у курсе).

Мова

Асноўная інфармацыя курса будзе давацца на беларускай і рускай мовах, некаторыя матэрыялы будуць прадстаўленыя па-ангельску. Удзельнікі/цы павінны валодаць ангельскай на ўзрозні, дастатковым для разумення прачытаных альбо праслуханых тэкстаў. У рамках адбору вас могуць запрасіць на караценькае анлайн-інтэрв’ю для праверкі валодання ангельскай мовай.

Умовы ўдзелу

Удзел у курсе цалкам бясплатны. Удзельнікі/цы, якія паспяхова скончаць курс, атрымаюць сертыфікат.

Бонусы

Лепшыя выпускнікі і выпускніцы курса атрымаюць магчымасці індывідуальнай ментарскай падтрымкі ад Адукацыя.Інфо і Фундацыі імя Конрада Адэнаўэра, будуць мець перавагі пры адборы на іншыя праекты арганізатараў курса.

Заяўка

Зарэгістравацца на курс і даведацца больш: падавайцеся да 01.02.2018.

Даты вочных сесій: 17-18.02, 17-18.03, ды 12-13.05.2018

Глядзі водгукі ўдзельнікаў і ўдзельніц першага набора.