21-26 мая адбудзецца асветна-практычная паездка ў Малдову, скіраваная на  знаёмства з інклюзіўнымі прынцыпамі і практыкамі мясцовага і рэгіянальнага развіцця, са шляхам рэформ, сучасным станам і планамі краіны і яе асобных рэгіёнаў на будучыню.

Цэнтр даследавання грамадскага кіравання «СІМПА» і грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» запращаюць прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадзянскай супольнасці, рэгіянальных дзяржаўных органаў і ўстаноў, а таксама журналістаў і журналістак, якія зацікаўлены ў актывізацыі міжсектарнага дыялогу, у асветна-практычную паездку ў Малдову, якая абдудзецца 21-26 мая.

Азнаямленчая паездка ладзіцца ў межах доўгатэрміновай акцыі «Разам да справы», закліканай дапамагчы ініцыятывам і арганізацыям у рэгіёнах Беларусі развіваць свае гарады і мястэчкі, рабіць іх больш утульнымі і квітнеючымі і багатымі на цікавыя падзеі.

Удзельнікі і ўдзельніцы паездкі пазнаёмяцца з інклюзіўнымі прынцыпамі і практыкамі мясцовага і рэгіянальнага развіцця ў Малдове, са шляхам рэформ, сучасным станам і планамі краіны і яе асобных рэгіёнаў на будучыню.

«СІМПА» і «Будзьма беларусамі!» рыхтуюць візіты ў нацыянальныя і рэгіянальныя дзяржаўныя ўстановы, сустрэчы з грамадскімі арганізацыямі, бізнэсам, медыя, экспертамі і эксперткамі ў пытаннях мясцовага кіравання і развіцця.

Выдаткі, звязаныя з удзелам у асветна-практычнай паездцы, арганізатары бяруць на сябе. Колькасць месцаў абмежаваная!

Калі Вас цікавіць удзел у гэтай паездцы, калі ласка, да 11:00 23 красавіка апішыце Ваш рэлевантны досвед і чаканні ад паездкі і дашліце інфармацыю, неабходную для арганізацыі Вашага ўдзелу, запоўніўшы анкету.