Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” абвяшчаюць Кірмаш праектаў для гарадоў і мястэчак Міншчыны. Дэдлайн прыёму заявак – 27 мая.

Калі вы любіце свой горад і ведаеце, як зрабіць яго прывабнейшым для жыхароў і гасцей, а таксама марыце рэалізаваць свае творчыя амбіцыі – прапануйце ідэю і знайдзіце аднадумцаў і партнёраў, каб яе ажыццявіць!

Кірмаш праектаў – месца, дзе збіраюцца культурніцкія прапановы, іх аўтары_кі і крытыкі. Гэта магчымасць падзяліцца сваёй ідэяй і натхніць іншых людзей разам яе рэалізаваць.

Удзел у Кірмашы праектаў можа ўзяць кожны_ая жыхар_ка Міншчыны любога ўзросту і роду дзейнасці. Аформіце вашу ідэю ў прэзентацыю ў PowerPoint. Прэзентацыя павінная ўключаць наступныя звесткі:

  • інфармацыя пра аўтараў_к (прозвішча, імя, арганізацыя) і як з вамі звязацца (нумар тэлефона/электронная пошта/сацсеткі);
  • назва ідэі/праекта;
  • мэта і сутнасць ідэі;
  • чаму і каму гэта неабходна;
  • калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;
  • якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт).

Фінальная прэзентацыя праектаў адбудзецца 30 мая ў Маладзечне!

Падчас прэзентацыі вы зможаце:

  • распавесці пра свой праект/ідэю шырокай і невыпадковай аўдыторыі;
  • апрабаваць і прарэкламаваць свае задумы;
  • атрымаць экспертную і народную ацэнку свайго праекта;
  • знайсці аднадумцаў, партнёраў, валанцёраў, пляцоўкі і рэсурсы для рэалізацыі вашай ідэі;
  • пазнаёміцца з іншымі цікавымі і ініцыятыўнымі людзьмі свайго горада;
  • натхніць сваім прыкладам тых, хто таксама мае файныя ідэі, але пакуль не ажважыўся выйсці з імі на публіку.

Пасля выніковай імпрэзы экспертная рада адбярэ найбольш цікавыя і абгрунтаваныя праекты, з прадпрымальнай камандай і канкрэтнымі крокамі па рэалізацыі, новымі падыходамі да вырашэння праблем і культурна-сацыяльным кірункам. Кампанія “Будзьма беларусамі!” і “СІМПА” акажуць усю магчымую дапамогу: ад кансультацый да рэалізацыі.

ЗБОР ІДЭЙ да 27 мая 2018 года ўключна! Дасылайце свае ідэі на адрас kirmash.praektau@gmail.com

Інструкцыя па падрыхтоўцы прэзентацыі, а таксама падрабязнасці – па спасылцы.