Еўрапейскі культурны фонд (European Cultural Foundation, Амстэрдам) супольна з Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» абвяшчае конкурс на ўдзел у гадавой адукацыйнай праграме ArtPlatform 2018/2019.

Мэта праграмы – судзейнічаць прафесійнаму развіццю беларускіх менеджараў культурных і сацыяльных праектаў, накіраваных на дасягненне пазітыўных грамадскіх зменаў сродкамі культуры.

Тэматыка лекцый і практычных заняткаў уключае наступныя пытанні: стратэгічнае планаванне; распрацоўка, прасоўванне і ацэнка культурных праектаў; прыцягненне рэсурсаў для рэалізацыі праектаў; устойлівае развіццё арганізацый; кіраванне чалавечымі рэсурсамі; роля культуры ў развіцці мясцовых супольнасцяў і вырашэнні сацыяльных праблем; міжрэгіянальнае і міжнароднае культурнае супрацоўніцтва і інш.

Удзельнікі і ўдзельніцы таксама атрымаюць мажлівасць усталяваць новыя кантакты дзеля рэалізацыі сумесных праектаў у Беларусі і на міжнародным узроўні.

У якасці выкладчыкаў праграмы ArtPlatform 2018/2019 выступяць тэарэтыкі і практыкі з Беларусі і замежжа. Працягласць праграмы: сем выязных сесій ў перыяд з верасня 2018 г. па верасень 2019 г. Кожная сесія складаецца з тэарэтычных і практычных заняткаў, а таксама дае магчымасці знаёмства з працай розных ініцыятыў і арганізацый.

Працоўныя мовы – руская і англійская (з перакладам).

Удзел – бясплатны.

Адбор удзельнікаў і ўдзельніц адбываецца на конкурснай аснове. Дзеля ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць запоўненую анкету і матывацыйны ліст. Асноўныя крытэры: абгрунтаванасць заяўкі, наяўнасць вопыту рэалізацыі культурных і/або сацыяльных ініцыятыў, вопыт міжсектарнага ўзаемадзеяння.

Прыём заявак ажыццяўялецца да 1 ліпеня 2018 года па электронным адрасе ArtPlatform2018.19@gmail.com

Арганізатары будуць радыя адказаць на вашы пытанні: ArtPlatform2018.19@gmail.com

Спасылкі на анкеты для спампоўкі:

Крыніца  сайт Галерэі «Ў».