Супольнасць Vitebsk4Me запрашае на адукацыйны курс, прысвечаны развіццю гарадской супольнасці. “Віцебскі арнамент” адкрыты для ўдзельнікаў і ўдзельніц без узроставых абмежаванняў, для асоб, якія захапляюцца актыўнасцямі любога напрамку – абы яны рабілі наш горад больш утульным, свабодным, прывабным.

Што мы будзем рабіць? Для пачатку пазнаёмімся з перадавымі практыкамі па арганізацыі гарадскіх падзей і працэсаў культурнага, мастацкага, сацыяльнага, экалагічнага і іншых напрамкаў. Добрыя выкладчыкі з розных гарадоў Беларусі распавядуць пра свой досвед, а таксама дадуць парады па праектах слухачоў курса.

Пасля даработкі сваіх ідэй удзельнікі і ўдзельніцы змогуць прадставіць іх зацікаўленым у партнёрстве бакам – гарадскім службам, камерцыйным прадпрыемствам, грамадскім аб’яднанням, творчым ініцыятывам. У фармаце мінулагодніх “Творчых чацвяргоў” мы будзем разам шукаць партнёрства і дапамогу для таго, каб удзельнікі/цы маглі давесці свае справы да канца. У 2016 г. пятнаццаць новых праектаў узбагацілі арнамент горада Віцебска. Сёлета будзе ня менш!

Каб удзельнічаць у курсе, трэба падаць заяўку на адбор. Заяўка запаўняецца па спасылцы. Прыём заявак адкрыты да нядзелі 15 кастрычніка 2017 г.

Па дадатковых пытаннях звяртайцеся на пошту: vitebsk4me@gmail.com альбо па тэлефоне +375 25 9133876 (Уладзімір)